ХІМІЯТЭРАПЕЎТЫ́ЧНЫЯ СРО́ДКІ,

лекавыя сродкі, якія ўжываюць для барацьбы з інфекц. і паразітарнымі хваробамі, злаякаснымі пухлінамі. Спецыфічна ўплываюць на пэўныя віды бактэрый, вірусаў, грыбкоў, клетак пухлін і інш. Першы Х.с. — процісіфілітычны прэпарат «606» (сальварсан) прапанаваны П.Эрліхам. Вылучаюць антыбактэрыяльныя, процівірусныя. процігрыбковыя, проціпаразітарныя (процімалярыйныя, проціамёбныя, процітрыхаманадныя), проціпухлінныя сродкі і інш. Да Х.с. адносяцца рэчывы прыроднага паходжання — антыбіётыкі і алкалоіды, таксама сінт. сродкі — сулъфаніламіды, вытворныя фторхіналонаў, нітрафурану, нітрозамачавіны і інш. Тармозяць сінтэз нуклеінавых кіслот, бялку, клетачнай сценкі бактэрый, пашкоджваюць цытаплазматычныя мембраны і інш. Працяглае выкарыстанне Х.с. суправаджаецца развіццём алергічных і нейратаксічных рэакцый, імунадэфіцытных станаў і інш. Х.с. лечаць хворых (хіміятэрапія), папярэджваюць інфекц. і інвазійныя хваробы (хіміяпрафілактыка).

І.​М.​Семяненя, А.​Р.​Давыдоўскі.

т. 17, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)